Культура

Петрышэнка: арганізатары “Лістапада” ў бягучым годзе павінны ўзяць новую вышыню

Петрышэнка: арганізатары "Лістапада" ў бягучым годзе павінны ўзяць новую вышыню

24 жніўня, Мінск. Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” павінен быць арганізаваны на высокім узроўні. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Ігар Петрышэнка ў час пасяджэння аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні кінафестывалю, перадае наш сайт.

“Хутка Мінскі міжнародны кінафестываль “Лістапад” зноў раскрые свае дзверы для аматараў кінамастацтва і ўсіх жадаючых далучыцца да лепшых узораў айчыннага і сусветнага кінематографа. Ні для кога не сакрэт, што наш фестываль – цудоўная пляцоўка для наладжвання трывалых дзелавых і творчых сувязей, абмену вопытам і добры, дзейсны інструмент міжкультурнай камунікацыі. Фанфары папярэдняга фестывалю даўно адгрымелі, і ва ўсіх была магчымасць прааналізаваць дасягнутыя вынікі, вылучыць паспяхова рэалізаваныя ідэі і навацыі, вызначыць новыя шляхі ўдасканалення работы”, – сказаў Ігар Петрышэнка.

Ён адзначыў, што ў мінулым годзе фестываль атрымаў добры старт з новай творчай камандай. “Дзякуючы іх прафесійнай рабоце ў фестывалі прынялі ўдзел прадстаўнікі рэкорднай колькасці краін – 54. Пашырылася геаграфія ўдзельнікаў, узнялі і якасную планку. На бягучы год мы павінны паставіць сабе новую мэту і ўзяць новую вышыню. У сувязі з гэтым на арганізатараў і на дырэкцыю кінафестывалю кладзецца вельмі вялікая і адказная работа па забеспячэнні высокага ўзроўню правядзення гэтага міжнароднага форуму”, – адзначыў віцэ-прэм’ер.

Сёлета “Лістапад” плануецца правесці 4-11 лістапада ў Мінску. “У нас Год гістарычнай памяці, і гэта праблематыка будзе праходзіць чырвонай ніткай. Будзе прадэманстравана калекцыя “Беларусьфільма”, будзе вельмі цікава. Таксама мы захаваем практыку падключэння нашых рэгіёнаў да прагляду прэм’ерных паказаў конкурсных фільмаў – яна сябе апраўдала. Акрамя таго, у Мінску будуць сустракацца кінематаграфісты, артысты, уносіць новыя ідэі, каб кінамастацтва развівалася і аб’ядноўвала нашы народы. Спадзяюся, што мы парадуем не толькі беларускага кінагледача, але і ўсіх аматараў кіно новымі падыходамі, новымі ідэямі і новымі фільмамі”, – дадаў намеснік прэм’ер-міністра.

“За той кароткі тэрмін, які застаўся да старту фестывалю, нам трэба зрабіць вельмі шмат. Ёсць пытанні, да вырашэння якіх неабходна падыходзіць вельмі ўважліва і з усёй адказнасцю. Гэта запрашэнне замежных гасцей і ўдзельнікаў, падбор складу журы конкурсных праграм, пошук партнёраў і спонсараў, новых форм узаемадзеяння прадстаўнікоў кінематаграфічнай супольнасці. Асаблівую ўвагу трэба ўдзяліць прапрацоўцы кандыдатур на ўручэнне спецыяльнага прыза Прэзідэнта “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве” і прыза “За гуманізм і духоўнасць у кіно”, – рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.

Паводле інфармацыі Telegram-канала Міністэрства культуры, традыцыйна гледачам будуць прапанаваны да прагляду фільмы-канкурсанты, а таксама шырокая пазаконкурсная і рэтраспектыўная праграмы, сустрэчы, майстар-класы, выставы. Як і ў мінулым годзе, конкурсныя работы будуць паказаны не толькі ў сталіцы, але і ў рэгіёнах. У Оршы, як культурнай сталіцы бягучага года, пройдзе сустрэча з кінематаграфістамі з краін – удзельніц фестывалю.

Акрамя традыцыйных намінацый ігравога, неігравога кіно, конкурсу фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік”, конкурсная праграма гэтага года ўключае новую намінацыю – анімацыйнае кіно.

Журы вызначыць лепшыя кінастужкі ў кожнай з намінацый. Па традыцыі будзе ўручаны і прыз імя беларускага кінарэжысёра Віктара Турава. Сёлета стаць яго ўладальнікам можна будзе незалежна ад намінацыі.

Яшчэ адна навацыя 28-га кінафоруму – пітчынгі (прэзентацыі) студэнцкіх фільмаў, а таксама кінапраекты, прысвечаныя Перамозе ў Вялікай Айчыннай вайне.

Кінафестываль “Лістапад” дэбютаваў у 1994 годзе і быў прызначаны аб’ядноўваць лепшыя карціны, створаныя на постсавецкай прасторы. У першых форумах прымалі ўдзел фільмы з Расіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана. З часам кінафестываль пашырыўся, заваяваў аўтарытэт, а ў 2003 годзе афіцыйна набыў статус міжнароднага.

Источник

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть