Культура

Не менш за 50 тыс. паломнікаў і гасцей плануе прыняць фестываль “Макавей” у Слаўгарадскім раёне

Не менш за 50 тыс. паломнікаў і гасцей плануе прыняць фестываль "Макавей" у Слаўгарадскім раёне

Фота з архіва

12 жніўня, Магілёў. Мядовы Спас на Блакітнай крыніцы ў Слаўгарадскім раёне адсвяткуюць 13 і 14 жніўня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА расказала старшыня Слаўгарадскага раённага Савета дэпутатаў Святлана Язерская.

“Сёння важна захоўваць традыцыі і звычаі беларускага народа, бо сам абрад пакланення Блакітнай крыніцы – гісторыка-культурная каштоўнасць, якой ганарыцца не толькі Слаўгарадскі раён, але і ўся Магілёўская вобласць, – адзначыла Святлана Язерская. – Менавіта таму на працягу апошніх гадоў мы стараемся не мяняць асноўную праграму свята мядовага Спаса на гэтай унікальнай крыніцы. Людзі ведаюць і цэняць гэта, таму з году ў год прыязджаюць, каб паўдзельнічаць у вячэрняй царкоўнай службе – вельмі камерным і кранальным мерапрыемстве, купіць мёду і сыроў. У мінулым годзе нас наведалі каля 50 тыс. чалавек. Сёлета мы таксама чакаем вялікае паломніцтва – не ніжэй, чым летась”.

Па традыцыі 14 жніўня на Блакітнай крыніцы праваслаўныя вернікі адзначаюць дзень памяці сямі пакутнікаў Макавеяў, якія ў біблейскі час прынялі смерць за хрысціянскае веравызнанне. Гэты дзень супадае з мядовым Спасам, або, па-народнаму, Спасам на вадзе – калі асвячаюць не толькі новы ўраджай мёду, але і ваду ў калодзежах і вадаёмах. Лічыцца, што на Спас вада ў крыніцы набывае асаблівую сілу і можа зарадзіць чалавека моцным здароўем на цэлы год, варта толькі тройчы перайсці крыніцу або акунуцца.

Царкоўнае свята пачнецца напярэдадні, 13 жніўня, з вячэрняга богаслужэння ў невялікай Свята-Макавееўскай капліцы, размешчанай побач з Блакітнай крыніцай. Ужо раніцай 14 жніўня тут адбудуцца малебен з акафістам, Боская літургія, хрэсны ход вакол крыніцы, чын асвячэння вады і мёду. Дарэчы, поўная царкоўная служба з вячэрнім богаслужэннем праходзіць на Блакітнай крыніцы толькі адзін раз у год. Менавіта таму людзі імкнуцца трапіць сюды ў гэты дзень. Многія прыязджаюць загадзя і начуюць у палатках.

Неад’емнай часткай святкавання мядовага Спаса на Блакітнай крыніцы стане правядзенне фестывалю “Макавей”, у праграме якога – мядовы кірмаш, выстава-продаж прадукцыі майстроў-сыравараў і сувенірных вырабаў, створаных беларускімі ўмельцамі. Тут жа штогод збіраюцца і творчыя калектывы для ўдзелу 13 жніўня ў эка-этнафестывалі “Песні аб крыніцах”. Акрамя таго, для гасцей свята праводзяць турыстычныя экскурсіі, знаёмяць іх з гісторыяй Блакітнай крыніцы і Слаўгарадскага раёна.

У Слаўгарадскім раёне адзначаюць, што кожны год “Макавей” наведваюць дзясяткі тысяч чалавек, большасць з якіх – паломнікі. Людзі прыязджаюць цэлымі сем’ямі, каб не толькі паўдзельнічаць у вялікім святочным богаслужэнні, але і наведаць гідралагічны помнік прыроды, які спрадвеку лічыцца храмам пад адкрытым небам. Так, Блакітная крыніца, або Сіні калодзеж, – месца хрышчэння радзімічаў, продкаў сучасных беларусаў. Пачынаючы яшчэ з таго даўняга часу людзі ўмацоўвалі гэту ўнікальную крыніцу сваімі малітвамі, ствараючы сапраўднае месца сілы. Традыцыя паломніцтва і пакланення крыніцы стала элементам нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны раёна і ўключана ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Источник

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть