Эканоміка

Качанава наведала ААТ “Галантэя”

Качанава наведала ААТ "Галантэя"
Наталля Качанава ў час наведвання прадпрыемства

12 сакавіка, Мінск . Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава наведала ААТ “Галантэя”, дзе азнаёмілася з вытворчасцю і сустрэлася з працоўным калектывам,

“Адзін з прыярытэтных напрамкаў у рабоце членаў Савета Рэспублікі – наведванне прадпрыемстваў, сустрэча з людзьмі, каб даведацца, як працуе прадпрыемства, якія ёсць пытанні, праблемы ў людзей. Я не выпадкова выбрала прадпрыемства, размешчанае ў сталіцы, таму што я ўпаўнаважаная па Мінску, часта бываю на сталічных прадпрыемствах. А паколькі яно адносіцца да лёгкай прамысловасці, тут працуюць у асноўным жанчыны. Таму хацелася даведацца аб умовах работы, як арганізавана вытворчасць, якія пытанні ёсць у жанчын для таго, каб сарыентавацца і, магчыма, недзе вырашыць іх на заканадаўчым узроўні”, – сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, “Галантэя” добра зарэкамендавала сябе на рынку краіны і замежжа. “Людзі ведаюць прадукцыю гэтага прадпрыемства. Такі шырокі асартыментны пералік. Акрамя таго, яны перабудоўваюцца. Прадпрыемства не толькі выпускае традыцыйную лінейку прадукцыі, але і вельмі аператыўна прымае заказы ад гандлёвых аб’ектаў, калі трэба, напрыклад, выпусціць сумкі-халадзільнікі, ахоўныя касцюмы для медыцынскіх работнікаў, адзенне для абароннай прамысловасці або нейкія іншыя навацыі”, – расказала яна.

Наталля Качанава пацікавілася, ці працуе моладзь на прадпрыемстве. “Я паглядзела, сярэдні ўзрост работнікаў – 43 гады. У цэлым, праца на прадпрыемствах лёгкай прамысловасці няпростая. Але ў той жа час прадукцыя, што выпускаецца, прыносіць спажыўцу радасць. Больш за ўсё мяне цікавіла, як працуе тут моладзь і ці працуе наогул. Дырэктар прадпрыемства расказваў, што маладым спецыялістам робяцца даплаты, а, значыць, чалавек адчувае падтрымку. На работу запрашаюць і грамадзян з іншых рэгіёнаў. Работнікам прадастаўляецца інтэрнат, яны маюць магчымасць наведваць сталовую, трэнажорную залу на базе прадпрыемства. Жадаючыя маюць магчымасць павысіць кваліфікацыю. А павышаючы разрад, работнік тым самым павялічвае сваю заработную плату. Ну, і асвойваць нейкія сумежныя прафесіі – усё гэта вельмі важна”, – падкрэсліла спікер.

Наталля Качанава ўпэўнена, што трэба больш папулярызаваць прадукцыю, якую выпускаюць беларускія прадпрыемствы. “Паглядзіце, якасць выдатная і па цане яны канкурэнтаздольныя. Гэта прадпрыемства мае развітую сетку гандлёвых аб’ектаў, – канстатавала яна. – Тыя прапановы, якія сёння агучыла кіраўніцтва прадпрыемства, мы абавязкова разгледзім. Мы разумеем, што нашы прадпрыемствы трэба падтрымліваць – тое, аб чым гаварыў Прэзідэнт на Усебеларускім народным сходзе. Паколькі эканоміка – гэта аснова развіцця краіны”.

Як дадала намеснік дырэктара па маркетынгу і продажах ААТ “Галантэя” Ганна Глівінская, нягледзячы на пандэмію, у 2020 годзе значнага спаду продажаў не адбылося. “Мы спрацавалі з прыбыткам. Захавалі ўзровень экспарту, наш унутраны рынак. Наш фірменны гандаль нават паказаў рост у параўнанні з 2019 годам, – расказала яна. – Галоўнае, што прадпрыемства працуе. Абстаноўка ў калектыве добрая”.

Прадукцыя з гандлёвым знакам “Галантэя” знайшла свайго спажыўца на рынках Расіі, Украіны, Латвіі, Літвы, Казахстана. “У нас кожны месяц праходзіць мастацкі савет. Прымаецца мінімум 30 новых вырабаў. Мы ствараем чатыры калекцыі за год: дзве “вясна-лета” і дзве – “восень-зіма”. Гэта значыць штомесяц у нас абнаўляецца асартымент. Хоць 60 працэнтаў – гэта класіка”, – адзначыла намеснік дырэктара.

Ганна Глівінская разумее, што з кожным годам заваёўваць спажыўца становіцца ўсё больш складана – на рынку ўзрастае канкурэнцыя. Але прадукцыя “Галантэі” заўсёды вызначалася добрай якасцю, і ад гэтага прынцыпу прадпрыемства не збіраецца адыходзіць. Па-другое, шырокі асартыментны рад. “Мы адзіныя ў краіне выпускаем 53 асартыментныя групы – усё, што датычыцца скургалантарэі. І гэта не толькі сумкі, кашалькі і рамяні, мы выпускаем і дзіцячыя рукзакі. Акрамя таго, у нас 38 уласных брэндавых магазінаў. Думаю, гэта адзін з напрамкаў развіцця. Таму што ніхто не будзе прадаваць прадукцыю лепш, чым мы самі. Усе нашы магазіны знаходзяцца ў вялікіх гандлёвых цэнтрах. Таму разам з сусветнымі брэндамі мы таксама прадстаўлены”, – канстатавала яна.

Наталля Качанава азнаёмілася з вытворчасцю, ацаніла навінкі прадукцыі, а таксама паразмаўляла з калектывам. Як адзначыў электраманцёр сувязі Максім Аўдзееў, сустрэча прайшла ў дружалюбнай абстаноўцы. “Было вельмі цікава. Пачуў адказы на пытанні, якія мяне цікавяць. У прыватнасці, што датычыцца будаўніцтва жылля ў Мінску, – расказаў ён. – Такія сустрэчы, безумоўна, важныя”.

Галоўны бухгалтар ААТ “Галантэя” Вольга Рацькова мама траіх дзяцей. “Вядома, мяне больш хвалююць пытанні, звязаныя з дзецьмі. Наша прадпрыемства на 90 працэнтаў складаецца з жанчын, таму больш за ўсё будзе спакойна работніцы, калі яна спакойна за сваіх дзяцей. Абмеркавалі бытавыя пытанні, пагаварылі аб пенсіях, зарплатах, вакцынацыі. На ўсе пытанні адказы былі дастаткова поўнымі, – падзялілася жанчына. – Парадавала, што мы ўбачылі жаночы погляд на многія рэчы. І ён даволі шчыры. Давяраеш з першых слоў. Наогул сустрэча, на мой погляд, прайшла вельмі адкрыта, у такой сямейнай абстаноўцы, і ўзаемна выгадна, скажам так. Асабіста ў мяне засталося вельмі прыемнае ўражанне”.

У асноўным на сустрэчы прысутнічалі кіраўнікі і прадстаўнікі цэхаў. “Проста з прычыны таго, што ў нас рэжым рабочага дня, зразумела, усе не маглі знаходзіцца тут. А цяпер наша задача ўсё гэта данесці да нашых работнікаў. У тым ліку адказы на тыя пытанні, якія былі імі пастаўлены праз нас. Мы пра ўсё раскажам, абавязкова падзелімся сваімі ўражаннямі”, – рэзюмавала Вольга Рацькова.

Источник

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть